Васіль Калач — тэатральны рэжысёр, акцёр, папулярызатар і рэканструктар гісторыі. У эміграцыі ён займаецца ўсім гэтым на прафесійнай аснове. Разам з аднадумцамі стварыў у Беластоку клуб гістарычнай рэканструкцыі, прысвечаны паўстанню 1863 года.
— Гэта тэма, якая ў Беларусі фактычна забаронена на працягу ўсяго перыяду ўлады Лукашэнкі, а тут мы можам свабодна і адкрыта ёй займацца. Гэта для нас вельмі важна, бо менавіта падчас паўстання была агалошана беларуская палітычная нацыя — нашым нацыянальным героем Кастусём Каліноўскім.
Мы не проста даследуем гісторыю, а перажываем яе
Васіль Калач тлумачыць, што любая гістарычная рэканструкцыя ўключае вонкавыя і ўнутраныя элементы. Вонкавы чыннік, паводле спадара, гэта тое, што можна пабачыць: аднаўленне зброі, строяў, імпрэзы звязаныя з тымі падзеямі, рэканструкцыя непасрэдна бітваў, побыту паўстанцаў.
— Але ёсць і ўнутраны момант — гэта аднаўленне гісторыі праз асабістыя пачуцці. Мы не проста даследуем гісторыю ў архівах, а спрабуем перажыць яе на сваёй скуры. Адчуць, як гэта трымацца за тронак касы ў руцэ, як паўстанец пачуваўся, калі яму халадно і ён прабіраецца праз багны ў нязручнай вопратцы абвешаны рыштункам і зброяй. Гэта дапамагае зразумець, што рухала гэтымі людзьмі і чаму яны пайшлі на гэтае амаль безнадзейнае змаганне.
Удзельнікі рэканструкцыі паўстання 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
Усё робім выключна за кошт уласных сродкаў
Ідэя рэканструкцыі ўзнікла падчас святкавання чарговых угодкаў паўстання 1863 года. Група энтузіястаў арганізавала шэраг мерапрыемстваў у Беластоку: монаспектакль, майстар-класы па пашыве рэгатывак, лекцыі і спеўныя сходы, дзе выконвалі паўстанцкія песні. Праз паўгода яны вырашылі стварыць клуб гістарычнай рэканструкцыі.
— Мы робім гэта выключна за кошт уласных сродкаў і высілкаў. Яшчэ не зарэгістраваліся як афіцыйная арганізацыя, але ідзём да гэтага. Асноўны склад клуба — 10 чалавек, астатнія далучаюцца пры жаданні. Гэта ўсё адбываецца ў вольны ад працы час. На шчасце, у нас сабраліся імпэтныя людзі. Напрыклад, Кацярына Ваданосава, якая стварыла некалькі жаночых і мужчынскіх паўстанцкіх строяў, займаецца рэканструкцыяй народных касцюмаў. Яна па адукацыі гісторык, і яе веды вельмі дапамагаюць.
Маем шчыльныя кантакты з польскімі гісторыкамі
Апроч рэканструкцыі, адзення, побыту паўстанцаў, зброі таго часу і абыходжання з ёю, паводле суразмоўцы, ён асабіста займаецца рэканструкцыяй тактыкі і стратэгіі паўстанцкіх бітваў і адзначае, што там было шмат цікавых знаходак. Наогул, тэарэтычную частку рэканструкцыі паўстання, знаходзяць у гісторыкаў, якія гэтым займаюцца.
— Мы далучыліся да польскага руху рэканструкцыі і маем шчыльныя кантакты з польскімі гісторыкамі. Летась нас запрашалі на мерапрыемствы, прысвечаныя паўстанню, дзе мы пазнаёміліся з выдатным польскім гісторыкам, прафесарам Міхалам Гурным, які акурат даследуе вайсковую тэму. Мы з ім ў кантакце і ў любы момант можам пракансультавацца. Хаця яго публікацыі з большага даступныя ў сеціве. І там вельмі падрабязна даследавана зброя паўстанцаў, што мне асабіста вельмі цікава.
Удзельнікі рэканструкцыі паўстання 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага
Уражвае, наколькі блізкія паралелі з сучаснасцю
Цікаўлюся ў спадара Васіля, што падчас заняткаў рэканструкцыі паўстання 1863 года ён адкрыў для сябе найбольш нечаканага, што яго ўразіла?
— Хутчэй за ўсё найбольш уразіла тое, што я адкрыў паралелі гісторыі і сучаснасці. Тое, што гісторыя ідзе па спіралі і мы зараз прыйшлі прыкладна на той самы віток, можа трохі ў іншых умовах, але сітуатыўна і сэнсава гэта вельмі падобна. Не магу сказаць, што гэта вынаходніцтва нейкага кола ці ровара, але тым не менш калі гэта пачынаеш разумець не толькі галавой, але і ўсім навакольным асяродзем і ўсімі фібрамі душы і цела, то гэта іншае асэнсаванне.
Трохі задумаўшыся, суразмоўца дадае:
— Вельмі шмат паралеляў паміж падполлем у часы паўстання і рухам супраціву беларускай апазіцыі рэжыму Лукашэнкі. Вельмі шмат паралеляў і ў палітычных момантах і ў момантах адносінаў адных людзей да другіх. Вельмі шмат паралеляў у тым адкуль гэты супраціў вырастаў, бо фактычна ядром беларускай часткі паўстання з’яўляліся афіцэры расейскай арміі беларускага паходжання, дзяржслужбоўцы, якія выкарыстоўвалі досвед, каб узмацніць паўстанне. Такога вельмі шмат. Той самы Рамуальд Траўгут ці Зыгмунт Серакоўскі – гэта афіцэры расейскай арміі, якія досвед свой вайсковы вельмі добра перанеслі на палі змагання з царскімі войскамі.
Нягледзячы на цяжкасці, вынікі ўжо ёсць
Сярод галоўных складанасцяў пры рэканструкцыі гістарычных падзей Васіль Калач называе недахоп часу і фінансавых рэсурсаў. Але ён адзначае, што клуб ужо дасягнуў пэўных вынікаў: іх рэгулярна запрашаюць на ўрачыстасці ў гонар паўстанцаў у Харошчы, яны наладзілі добрыя стасункі з польскімі рэканструктарамі і атрымалі запрашэнне ўдзельнічаць у рэканструкцыі бітвы ў Кнышынскай пушчы.
І вельмі важна, са слоў спадара, што яны знаёмяць палякаў і польскіх даследчыкаў з беларускім поглядам на паўстанне 1863 года.
Павел ЗАЛЕСКІ